Запрашаем на першую частку з серыі міжкультурных міні-фэстаў, якія адраджаюць шматнацыянальныя традыцыі беларускага народа - “Беларуска-польскую імпрэзу ў Суле”, якая адбудзецца 21 верасня ў 13:00!
Імпрэза адкрые чараду сустрэч на Суле, прысвечаных культурнай спадчыне народаў, якія традыцыйна насяляюць нашу зямлю поруч з беларусамі.
Невялікае музычна -танцавальнае свята 21 верасня будзе прысвечана беларуска-польскім традыцыям, якія на працягу стагоддзяў існавалі на нашых землях.
У праграме Вы ўбачыце польскія і беларускія танцы, пачуеце сучасныя і старадаўнія песні, а таксама атрымаеце магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах. Падчас свята госці змогуць акунуцца ў атмасферу жывой беларускай і польскай мовы, пакаштаваць традыцыйныя стравы абодвух народаў.
У Калегіуме Вас чакае выступленне хора польскай песні , у выкананні якога прагучыць духоўная музыка , а таксама мініканцэрт на фісгармоніі 19 стагоддзя ад пана Тадэвуша.
У праграме дня - выступы калектываў «Cantus Cordis», «Маёвы Квят», «Карагод» ды шматлікіх іншых.
Стварыць атмасферу старадаўняй польска-беларускай шляхецкай культуры дапамогуць удзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі ды тэатральных суполак. На шляхецкай пляцоўцы падчас імпрэзы госці змогуць не проста ўбачыць строі ды зброю мінулых эпох, але ж і дакрануцца да жывой гісторыі, стаўшы ўдзельнікамі майстар-класаў па валоданні польскай шабляй ды гледачамі сапраўдных міні-спектакляў.