Шчодрая масленіца ў Суле
З 11 лютага па 1 сакавіка ў парку сярэднявечнай гісторыі "Вялiкае княства Сула"можна наведаць унікальную экскурсійную праграму «Шчодрая Масленiца ў Суле». Святкуюць Масленіцу з самабытнымі абрадамі, вясёлымі карагодамі і блінамі – так радасна ў народзе развітваюцца з зімой і сустракаюць вясну.

Змайструюць Марэну і складуць цікавы пазл
Масленіца – адзін з найстаражытнейшых і любых святаў усходніх славян, які адзначаюць на працягу ўсяго тыдня перад пачаткам Вялікага паста. Тым часам нашы продкі імкнуліся ўдосталь павесяліцца – бо наперадзе іх чакаў доўгі і строгі пост. Зазвычай, мясныя харчы да гэтага часу ўжо сканчаліся, а вось малочных прадуктаў было ў лішку, менавіта таму бліноў пяклі вельмі шмат. Галоўны сэнс святкавання – праводзіць абрыдлую старую-зіму і сустрэць новае жыццё – вясну.
Таму ўсім, хто жадае ад душы павесяліцца і даведацца шмат цікавага пра традыцыі святкавання Масленіцы на нашых землях, абавязкова варта з 11 лютага па 1 сакавіка прыехаць у Сулу.
Экскурсійная праграма «Шчодрая Масленiца ў Суле» стартуе ад уваходнай брамы пад гукі даўнейшай дуды і барабана.

Потым госці накіруюцца ў млын – тут трэба будзе змайстраваць пудзіла зімы Марэны - аднаго з галоўных атрыбутаў Масленіцы, а пазней пад песні і карагоды спаліць яго на вогнішчы і дружна развітацца з зімой.
Цікава, што спакон вякоў «упрыгожвалі» Марэну старым непатрэбным рыззём – так людзі пакідалі зіме ўсё трухлявае і дрэннае – свае рэчы, крыўды і нягоды.
Наступнай кропкай экскурсійнага маршруту стане ганчарня, дзе можна будзе пачуць цікавыя факты пра гліну, а таксама ўбачыць выраб птушачкі-свістулькі, якая яшчэ прыдасца нашым гасцям. Такі выбар не выпадковы – раней бліжэй да прыходу вясны нашы продкі любiлi майстраваць такіх «птушачак». Лічылася, што калі так зухавата iм падсвістваць, то птушкі прыляцяць хутчэй і разам з сабою прынясуць цёплую і дружную вясну.

Пасля візіту да ганчара наведвальнікі пабываюць у калегіуме, дзе разам з навукоўцам складуць пазл з вельмі цікавай выявай «Сонца Скорыны».
У выданнях знакамітага беларускага навукоўца, асветніка Францыска Скарыны вельмі часта паўтараецца выява сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Гэты знак быў створаны і абраны Скарынам у якасці свайго асабістага герба, а, магчыма, нават і талісмана. Шмат якімі даследнікамі гэты знак трактуецца як перамога святла над цемрай, жыцця над смерцю. І, вядома, выбар пазла менавіта з такой выявай невыпадковы, бо сонца – адзін з самых галоўных атрыбутаў Масленіцы.
Таксама на сваім шляху госці сустрэнуцца з вулічным гандляром, які настойліва будзе прапанаваць свой «жывы» тавар, без якога вясна ніяк не зможа наступіць, а яшчэ ўдосталь усіх пазабавіць – іскрыстымі жартамі ды загадкамі.
Пабудзяць мядзведзя і весела праводзяць зіму
Якая Масленіца без вясёлых гульняў? У час нашай тэматычнай экскурсіі будзе магчымасць паўдзельнічаць у каманднай масленічнай эстафеце «Ды цешчы на блiны».
Раней лічылася, калі ўдосталь не павесяліцца на Масленіцу, то не будзе весціся скаціна, не будзе прыплоду – а, значыць, год будзе «пустым», няўдалым. Давайце захаваем добрую традыцыю, і тады поспех і дабрабыт у цяперашнім годзе будуць забяспечаны.

Даведацца пра сімволіку масленічнага бліна і, вядома, спячы яго можна будзе, зазірнуўшы ў сульскую пякарню. Нашы продкі пяклі бліны цягам усяго тыдня перад Вялікім пастом, а першы блін лічыўся асаблівым – у знак павагі да памяці памерлых родных яго змяшчалі ў покуці перад выявамі святых.
На лакацыі ткацтва госці вырабяць арыгінальны падарунак чырвонага колеру (знака жыцця) для багіні вясны Лялі. Iснуе павер'е, што да нас, тых, што жывуць на зямлі, прынеслі Лялю на сваіх крылах птушкі. І, вядома, калі ўпрыгожанне давядзецца ёй па душы, то вясна прыйдзе значна хутчэй.
У час «Шчодрай Масленiцы ў Суле» госці сустрэнуць Мядзведзя – надышла пара будзіць яго ад зімовага спання! Нашы продкі клікалі «комамі» мядзведзяў. Таму ў старадаўнія часы ў некаторых рэгіёнах Масленіца мела іншую назву – Камаедзіца. І прысвечана яна была абуджэнню ад зімовага спання ... мядзведзяў, якiя лiчылiся продкамi людзей.
Першыя выпечаныя гаспадыняй бліны адносілі да берлагi гэтых жывёл, якія, прачынаючыся, былі жудасна галоднымі. Прыказка «першы блін комам» - толькі частка прыказкі, прытым, перакручанай. Цалкам яна гучыць так: «Першы блін комам, другі – знаёмым, трэці блін – далёкай радні, а чацвёрты – мне».
У час займальнай экскурсіі можна будзе пазнаць шмат цікавага, новага пра гісторыю і атрыбуты свята, паўдзельнічаць у віктарынах, прайсці выпрабаванні і выйграць прызы.

Пад канец падарожжа госці зазірнуць да чараўніцы, разам з ёй пад песні і карагоды спаляць пудзіла зімы і заклічуць вясну словамі: «Iдзi зiма да мора, бо ты нам – дакора, iдзi зiма ды крынiчкi ды забiрай рукавiчкi». І гэта стане самым яркім кульмінацыйным момантам масленічных гулянняў.
Пад канец тэматычнага падарожжа дарослых і маленькіх удзельнікаў экскурсійных груп чакае вельмі смачны масленічны пачастунак.
Кошт праграмы «Шчодрая Масленiца ў Суле» для арганізаваных груп з 11 лютага па 1 сакавіка:
Дзеці – 45 беларускіх рублёў
Дарослыя – 55 беларускіх рублёў
Для самастойных наведвальнікаў таксама ёсць магчымасць трапіць на гэту экскурсію ў 13.00 у працоўныя дні комплексу.
Па пытаннях заказу групавых і індывідуальных тураў звяртайцеся па тэлефонах:
+375 29 613 77 01
+375 33 615 77 01