Welcome visitor you can log in or create an account

20-годдзе Сулы

У жніўні «Вялікае Княства Сула» запрашае на святкаванне юбілею!
Сула» адзначае 20 гадоў — два дзесяцігоддзі адраджэння беларускай гісторыі, традыцый і культуры.

Запрашаем вас на тры святочныя ўік-энды, прысвечаныя самым яскравым эпохам беларускай гісторыі:

 1–2 жніўня — «Голас зямлі і продкаў»
Вас чакае атмасфера беларускай вёскі XIX–XX стагоддзяў - народныя песні і танцы, імправізаваныя пастаноўкі, традыцыйныя гульні, шумны кірмаш, майстар-класы, беларускія пачастункі і сапраўдны дух народнага свята. Адчуйце цеплыню традыцый, якія аб'ядноўвалі нашых продкаў.

⚜️ 8–9 жніўня — «Сабелевы бляск»
Адкрыйце для сябе свет беларускай шляхты XVII стагоддзя.
“Сабелевы бляск” — гэта свята з танцамі, паядынкамі, рыцарскімі манеўрамі, дэманстрацыяй зброі і этыкету, дзе госці трапляюць у атмасферу высакароднасці і гонару.

⚔️ 15–16 жніўня — «Штурм гарадзішча»
Сярэднявечча ажывае! Вас чакае маштабная бітва на рацэ Сула, рыцарскія турніры, звон шабляў, сярэднявечныя лагеры, забавы, танцы, рамеснікі, агнявыя відовішчы і сапраўдная атмасфера старажытнага беларускага гарадзішча. Гэта падарожжа ў эпоху, дзе нараджаліся легенды.


Тут гісторыю не вывучаюць — яе пражываюць!

За 20 гадоў «Вялікае Княства Сула» стала месцам, дзе гісторыя не захоўваецца за шклом, а жыве, гучыць і натхняе.

Запрашаем разам адзначыць юбілей і стаць часткай вялікай гісторыі Беларусі!

Далучайцеся да галоўнай гістарычнай падзеі гэтага лета!

 

 

Купалле і «Святло беларускай жанчыны»: як яскрава правесці ліпеньскія выходныя?

Сярэдзіна лета цешыць цяплом і яркімі фарбамі, а таксама займальнымі падзеямі.

У ліпені можна адсвяткаваць Купалле і даведацца пра знакамітых беларускіх жанчын, пагрузіцца ў культуру беларускага мястэчка і таемную мову нацыянальнага касцюма.

Адсвяткаваць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – самае галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці адкрывае чараду галоўных падзей ліпеня. 

Штогод гэта свята адзначаецца 3 ліпеня – менавіта ў гэты дзень сталіца нашай краіны, горад Мінск, быў вызвалены ад германскай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У гэты важны, памятны дзень гасцей парка чакаюць займальныя аповеды пра гісторыю нашай краіны, тэматычныя фотазоны і іншыя займальныя актыўнасці і для сталых, і для маленькіх наведвальнікаў, а таксама сталы ўжо традыцыйным частунак з палявой кухні.

Сустрэць Купалле ў Суле

Купалле ці Іван Купала – гэта адзін з найстаражытнейшых летніх святаў усходніх славянаў.

Яго вытокі ідуць у паганскую эпоху, калі людзі адзначалі сярэдзіну года – час усёй поўнасці росквіту прыроды, славілі сонца, агонь, ваду і ўрадлівасць, а таксама праводзілі розныя абрады на дабрабыт, здароўе і добры ўраджай.

Спрадвечна Купалу адзначалі ў дні летняга сонцастаяння,  пад канец чэрвеня, калі ноч была самай кароткай, а дзень, наадварот, самым доўгім. Гэта было натуральным для старажытных земляробчых абрадаў, якія былі цесна злучаны з сонцам і ўзростам прыроды.

Пасля прыняцця хрысціянства свята прымеркавалі да дня народзінаў Яна Хрысціцеля. Па старым стылі ён даводзіўся на 24 чэрвеня, а пасля каляндарнай рэформы дата зрушылася на 7 ліпеня.

Назву «Іван Купала» яднае хрысціянскі і народны сэнс: «Іван» - гэта імя Яна Хрысціцеля, а «Купала» злучаюць са старажытнай славянскай боскасцю, купаннем ці абрадам ачышчэння вадой.

Такая падвойная назва добра ілюструе, як паганскія традыцыі і хрысціянскікаляндар злучыліся ў адным народным свяце.

У першыя выходныя 4-5 ліпеня ў парку сярэднявечнай гісторыі «Сула» для гасцей падрыхтаваны некалькі варыянтаў купальскай праграмы:

4 ліпеня – дзённая і начная праграмы
5 ліпеня – дзённая праграма.

Днём госці парка могуць паўдзельнічаць у традыцыйных майстар-класах па пляценні вянкоў з духмяных палявых кветак і траў.

Дарэчы, вянок у купальскай традыцыі сімвалізаваў сонца, здароўе і чысціню. Менавіта таму яго пускалі па вадзе яшчэ і для таго, каб развітацца з усім назапашаным за год негатывам – хваробамі  і нягодамі.

І, вядома, на Купалле маладыя дзяўчаты пускалі вянкі па вадзе для таго, каб паваражыць, пазнаць сваю будучыню: калі вянок заставаўся на месцы – гэта было добрым знакам, калі ж вянок несла плынню – наперадзе чакалі перашкоды.

«Пусканне вянка па вадзе» - адзін з самых прыгожых і зачаравальных купальскіх абрадаў, убачыць і паўдзельнічаць у якім можна будзе ў парку «Сула».

Традыцыйныя народныя гульні-знаёмствы «Цяцерка», «Явар» і «Ручаек», карагоды і танцы вакол вогнішча – яшчэ адныя нязменныя атрыбуты Купалля, якія ствараюць адменную атмасферу старажытнага свята.

Цікава, што не прыйсці на купальскае вогнішча раней лічылася грахом. Бо менавіта ля вогнішча разгортвалася шырокае гулянне: тут гатавалі абрадавую вячэру і вадзілі карагоды.

Маладыя людзі парамі скакалі праз вогнішча. Існавала павер'е: калі ў час гэтага скоку рукі маладых не разыдуцца – быць вяселлю, а калі наадварот – яны не будуць разам.

Была і яшчэ адна цікавая прыкмета, злучаная з агнём: лічылася, што калі кінуць у вогнішча кашулю хворага чалавека, то разам з адзеннем згараць і ўсе хваробы.

У агонь кідалі ўсё старое і непатрэбнае, і пры гэтым прасілі новага хлеба, лёну і пладавітасці свойскай жывёле.

Пошук кветкі папараці - адзін з самых вядомых купальскіх абрадаў, які служыць ключом для зразумення ўсіх дзіваў гэтай ночы і з'яўляецца яе апагеем.

Нашы продкі лічылі, што той, хто знойдзе гэту кветку, можа разумець гутарку птушак і звяроў, бачыць русалак і нават то, як стагадовыя дубы перасоўваюцца з месца на месца. Апроч таго, шчаслівы ўладальнік гэтай цудоўнай кветкі мог знайсці ўсе скарбы на зямлі.

Аднак, паводле падання, кветку папараці знаходзілі толькі вельмі адважныя людзі, бо для гэтага трэба было перад заходам сонца трапіць у глухі гушчар, куды не пракрадаецца пеўневы крык, і мець досыць мужнасці супрацьстаяць злым сілам.

Паспрабаваць шчасця ў пошуках запаветнай «папараць-кветкi», а таксама сустрэцца з купальскім дзедам, лесуном і чортам можна будзе ў гэтыя дні ў парку сярэднявечнай гісторыі «Сула».

Таксама варта дадаць, што ўсіх гасцей на Купалле чакае духмяная, загавораная на выкананне жаданняў гарбата.

Пабываць на «Свяце беларускага адзення»

У сярэдзіне месяца ў «Суле» можна будзе пабываць на «Свяце беларускага адзення».

У выходныя, 11 і 12 ліпеня, наведвальнікі парка змогуць даведацца шмат цікавых фактаў з гісторыі нацыянальнага беларускага ладу (касцюма) – адзення, абутку і аксэсуараў, які ўжываўся беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку.

Нацыянальны касцюм мае высокую гістарычную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.

Iснуе не менш трох разнастайнасцяў беларускага нацыянальнага ладу (касцюма): сялянскі, мяшчанскі і дваранскі.

Беларускі нацыянальны касцюм мае глыбокія гістарычныя карані і захоўвае шмат архаічных рыс. Ён спалучае ў сабе эстэтыку і практычнасць, аднак, з'яўляецца шмат большым, чым проста адзенне ці мастацкі твор.

Беларускі касцюм адлюстроўвае мясцовыя традыцыі і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго вырабілі, а таксама змястоўныя гісторыі, зашыфраваныя ў яго арнаменце.

Напрыклад, неадымнай часткай вясельнага адзення з'яўляліся птушкі і кветкавы арнамент.

Адменную цікавасць уяўляюць нацыянальныя галаўныя ўборы беларусаў. Намітка – адзін з самых вядомых даўнейшых галаўных убораў, які насілі замужніцы.

Аднак, на нашых землях былі папулярныя і іншыя галаўныя ўборы, напрыклад, каптуры. Варта адзначыць, што ва ўсіх прадстаўніц чароўнага полу будзе магчымасць ненадоўга змяніць выяву, прымерыць на сябе гэтыя аўтэнтычныя ўборы.

Таксама гасцей парка ў гэтыя выходныя чакаюць займальныя аповеды майстроў пра тое, якое адзенне і калі насілі нашы продкі, пра асаблівасці беларускага «ладу» у розных рэгіёнах Беларусі, а таксама пра таемную мову нацыянальнага касцюма.

Запрашаем усіх ахвотнікаў прыязджаць на «Святая беларускага адзення» у нацыянальным беларускім адзенні, каб стварыць адменную атмасферу свята.

Даведацца пра культуру беларускага мястэчка

Перадапошнія выходныя 18-19 ліпеня будуць прысвечаны культуры беларускага мястэчка.

Беларускае мястэчка – гэта гістарычны тып малога селішча (пасада), пераходны тып паміж вёскай і паўнавартым горадам, дзе традыцыйна развіваліся рамёствы і гандаль.

Асноўная частка беларускага мястэчка ў парку пададзена спрадвечнымі рамёствамі – лакацыямі ткацтва, бортніцтва, шаповальні.

Асобная экспазіцыя ў парку «Сула» прысвечана габрэйскаму народу, які пакінуў велізарны след у беларускай культуры і традыцыйнай кухні.

Ці вядома вам, што некалі ў беларускім Ракаве габрэйская дзяўчына прыдумала прадмет дамскага туалету, без якога зараз не абыходзіцца ніводная сучасная жанчына?

Ёсць на тэрыторыі і татарская хата.

Пякарня – таксама лакацыя беларускага мястэчка, адшукаць якую, мабыць, прасцей за ўсё. Водар свежага хлеба сам прывядзе сюды наведвальнікаў.

Тут можна будзе даведацца пра тое, як і з чаго выпякалі хлеб у былыя часы, як яго дзялілі паміж дамачадцамі. І, вядома, кожны госць зможа набыць сапраўдны духмяны сульскі хлеб з цэлазерневай мукі.

Ёсць у беларускім мястэчку і аптэка. На нашых землях аптэкі з'яўляюцца ў далёкім XVI стагоддзі. На гэтай лакацыі можна будзе не толькі пачуць займальны аповед пра традыцыі аптэкарскай справы, але і купіць некалькі разнастайных збораў, якія ўмацуюць імунітэт у кожную пару года.

Шпацыруючы па беларускім месцейку, наведнікі могуць таксама запланаваць і культурную праграму, зазірнуўшы ў батлейку. Гэта традыцыйны лялечны беларускі тэатр са сваёй непаўторнай гісторыяй і традыцыямі, які іншасказальна, ёміста, часцяком з гумарам апавядае пра вельмі важныя рэчы ў жыцці.

Дакрануцца да «Святла беларускай жанчыны»

Завяршае падзеі ліпеня тэматычная праграма «Святло беларускай жанчыны». І гэта сімвалічна, бо цяперашні год прысвечаны менавіта беларускай жанчыне.

На працягу стагоддзяў прадстаўніцы чароўнага полу гралі велізарную ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, навукі, культуры і духоўнасці.

Ад легендарных княгінь і асветніц да выбітных сучасніц. Імёны шмат якіх беларусак вядомы не толькі на Радзіме, але і далёка за яе межамі.

Варта дадаць, што часцяком прыродная прыгажосць і далікатнасць спалучаліся ў іх з велізарнай унутранай сілай. Напрыклад, Анастасія Слуцкая пасля смерці мужа асабіста ўзначаліла абарону Слуцка і пабіла войскі крымскіх татараў.

Еўфрасіння Полацкая стала першай жанчынай-асветніцай ва ўсходніх славянаў, якая была прылічана да сонму святых. Яна заснавала манастыры, школы і жаночую вучэльню, па яе заказе быў выраблены знакаміты Крыж Еўфрасінні Полацкай.

Вялікі ўнёсак дачок беларускай зямлі ў культуру і асвету.

Першай жанчынай-драматургам ва Усходняй Еўропе была Францішка Уршуля Радзівіл. У Нясвіжы яна пісала п'есы і кіравала прыдворным тэатрам, сабрала велізарную бібліятэку.

Цікавыя аповеды пра тое, які след у гісторыі пакінулі беларускія жанчыны, можна будзе пачуць у парку гісторыі «Сула» 25-26 ліпеня. А таксама паўдзельнічаць у майстар-класе па ткацтве – найстаражытным беларускім  рамястве, якім спрадвечна займаліся жанчыны.

Кошт уваходнага квітка ў парк?

Дарослы – 45 бел.руб., для сяброў з сацыяльных сетках – 40 бел.руб. (адна падпіска), дзіцячы – 25 бел.руб. (з 7 да 17 гадоў уключна), для дзяцей з шматдзіцячых сем'яў – 15 бел.руб., дзецям да 7 год і інвалідам I–II гр. – уваход вольны.

Тэлефоны для заказа экскурсій для арганізаваных гуртоў: +375 (29) 613-77-01, +375 (33) 615-77-01.

Крыніца: Точка.бай