Пан Старкi
Рэстарацыя “Пан Старкi” вядомая сваімі адметнымі дранікамі, блінамі з мачанкай, клёцками ды іншымі традыцыйнымі стравамі. І назвы яны маюць таксама вельмі заманлівыя: “Паляўнічы перакус караля Аўгуста”; грыбное сёрбава “Па-налібоцку”; сёрбава рыбацкае (з вылаўленай у сульскім возеры рыбы). Арыгінальныя рэцэпты памянёных вышэй ды іншых страў сённяшнія кухары перанялі наўпрост з культур беларускай, літоўскай, габрэйскай, украінскай, рускай і польскай кухань – народаў, якія колісь насялялі Вялікае княства Літоўскае. Стварэнню сярэднявечнай атмасферы ў рэстарацыі спрыяюць каваная мэбля, роспісы на тэмы рыцарскіх турніраў, свяцільні і паходні ўздоўж сцен ды й сама, зрэшты, цагляная кладка. Ёсць тут і цікавая вартасць абслугоўвання: Вы анітроху ня будзеце прывязаны да свайго століка: толькі папрасіце – і частаванне зладуюць на ўлонні прыроды, у нумары альбо і ў агромністым павільёне пад страхой, разлічаным на 200 чалавек.